КОНКУРС МАЛАДЫХ ІЛЮСТРАТАРАЎ

Адкрыты прыём заявак на мастацкі конкурс ART PRADMOVA 2024

1 min read

Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA абвяшчае конкурс-выставу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART PRADMOVA.

Конкурс-выстава ART PRADMOVA дае цудоўную магчымасць маладым творцам не толькі даведацца кампетэнтнае меркаванне вядомых майстроў пра свае працы, але і звярнуць на сябе ўвагу беларускіх выдаўцоў і гледачоў, дае шанец атрымаць новыя цікавыя замовы і зрабіцца лепш бачнымі ў публічнай прасторы.

Умовы ўдзелу ў конкурсе:

  1. Конкурс-выстава праводзіцца паводле Рэгламента (асноўныя пункты якога пералічаныя ніжэй);
  2. Удзельнікі конкурса маюць быць ва ўзросце ад 17 да 39 год уключна на момант правядзення конкурса;
  3. На конкурс прымаюцца працы, выкананыя ў любых тэхніках (выдадзеныя ці нявыдадзеныя): ад аднаго ўдзельніка на конкурс можа быць пададзена толькі адна заяўка (максімальна адзін твор/аб’ект, да 5 ілюстрацый на разгляд журы)
  4. Усе заяўкі падаюцца ў электроннай форме да вызначанай даты – 3 верасня 2024 года. Каб падаць заяўку, трэба запоўніць анкету.
    Анкета ўдзельніка конкурсу складаецца з:
    – кароткіх звестак пра сябе (імя, прозвішча, год і месца нараджэння, адукацыя),
    – непасрэдна твора (назва, арыгінальны памер, тэхніка выканання, год стварэння),
    – прыкладзеных выяваў аб’ектаў (кніг/ілюстрацый) у лічбавай форме (разрашэнне 300 dpi).
  5. Арыгінальныя творы (не ў лічбавай форме) таксама могуць прымацца да разгляду пры ўмове іх аздаблення ў пашпарту пад стандартныя памеры рамак (50х60, 60х80, 90х70, 100х70 на выбар) ці ў аўтарскім афармленні (рамы, друк на пенакардоне, пластыку і т.п.) з абавязковай электроннай рэгістрацыяй заяўкі, калі іншае не абгаворана спецыяльнымі ўмовамі правядзення конкурса ў бягучым годзе. Творы прымаюцца пад вопіс. Кантактны адрас: art.pradmova@gmail.com
  6. Удзельнікі конкурсу даюць свой дазвол на выкарыстанне іх твораў (ці іх фрагментаў) арганізатарамі фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” у рэкламных ці экспазіцыйных мэтах на час падрыхтоўкі і правядзення фестывалю (па выніках адбору журы конкурса).
  7. Для шэрагу намінацый уводзяцца дзве дадатковыя падкатэгорыі pro i semi-pro для тых, хто даўно працуе ў галіне ілюстрацыі і дызайна кнігі, і тых, хто робіць свае першыя крокі.

Шорт-ліст конкурса-выставы абвяшчаецца на працягу 14 дзён пасля завяршэння прыёму прац.

Найлепшыя творы па выніках працы журы конкурса будуць выстаўленыя на адмысловай экспазіцыі конкурсных прац ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурса адбываецца таксама на фестывалі ў адпаведнасці з праграмай мерапрыемстваў.

Куратар конкурса: мастак і дызайнер Зміцер Герасімовіч.

Калі ў вас засталіся пытанні наконт конкурса, калі ласка, дашліце іх на адрас art.pradmova@gmail.com.

Пакінуць адказ